Большасць банкаў дамовіліся прытрымлівацца адзіных правілаў замены банкнот у замежнай валюце. Для гэтага распрацавалі адзіны пералік прыкмет плацежнасці грашовых знакаў, яго ўхваліў Нацбанк. Пагадненне запрацавала з 1 ліпеня, паведамляе Асацыяцыя беларускіх банкаў.

Што змянілася
Да гэтых правілаў далучылася ўжо як мінімум 17 банкаў.
Так, банкі дамовіліся, што будуць прымаць банкноты, калі на іх будзе не больш за пяць надрываў ці надрэзаў даўжынёй не больш за 3 мм (або адзін надрыў ці надрэз даўжынёй не больш за 5 мм). Пры гэтым заклееныя скотчам надрэзы таксама будуць улічвацца, паведамляецца на сайце «БНБ-Банка».
Прымуць банкноты, на якіх ёсць не больш за тры праколы дыяметрам да 1 мм.
Каб грашовы знак прынялі для абмену, на ім можа быць не больш за тры візуальна бачных малюнкаў або надпісаў, памер якіх не перавышае квадрат з бокам у 10 мм (калі да 20 мм, то можа быць адзін такі малюнак на банкноце).
На банкноце можа быць не больш чым адна візуальна бачная пляма (памерам з квадрат з бокам 10 мм), каб яе абмянялі.
Чаму прынялі новаўвядзенне
Яно шмат у чым з’явілася праз тое, што ў банкаўскай сістэме Беларусі не было адзіных прыкмет плацежнасці банкнот замежных валют. Адпаведна, банкноту, якую адзін банк лічыў аплатнай, іншы разглядаў як старую. Гэтая сітуацыя пачала нараджаць незадаволенасць насельніцтва і скаргі грамадзян.
Паколькі санкцыі абмяжоўваюць магчымасці банкаў вывозіць старыя даляры і еўра, праблема іх назапашвання ў банкаўскай сістэме застаецца актуальнай. Новаўвядзенне дазволіць выключыць сітуацыі, калі банкі па-рознаму ацэньваюць плацежнасць банкнот наяўнай замежнай валюты.
У Нацбанку раней тлумачылі, што банкі могуць самастойна распрацоўваць пералік прыкмет плацежнасці банкнот у замежнай валюце. «Беларускія банкі, што набылі замежную валюту (якая ўжо непрыдатная для выкарыстання. — Заўв. рэд.), вывозяць яе за мяжу ў замежны банк-карэспандэнт і таму распрацоўваюць пералік прыкмет плацежнасці банкнот яшчэ і з улікам правілаў, устаноўленых замежным банкам-карэспандэнтам», — удакладняў рэгулятар. Пры гэтым не ўсе беларускія банкі вывозяць наяўную валюту за мяжу, таму могуць уводзіць дадатковыя крытэры, паводле якіх адбракоўваюць банкноты, каб іх прынялі банкі-партнёры ў Беларусі.
Чытайце таксама