Опубликовано 2 красавiка 2025 у 17.42
Адрес в интернете: https://zerk4lo-read.site/news/life/95803.html    

Прапагандысты паказалі новага абвінавачанага ў фінансаванні «экстрэмізму». Ён працаваў у Польшчы, але ездзіў у Беларусь

Ураджэнца Салігорска Васіля Арэшку абвінавачваюць у фінансаванні «экстрэмізму». Пра гэта стала вядома з фрагмента відэа, які паказаў дзяржтэлеканал АНТ. Увагу на ролік звярнула «Наша Ніва».

Василий Арешко. Фото из соцсетей
Васіль Арэшка. Фота з сацсетак

АНТ анансаваў новы фільм пра «фінансаванне экстрэмізму». У анонсе прадстаўнік дзяржкантролю Уладзіслаў Ларыёнаў кажа, што летась выявілі каля 70 выпадкаў фінансавання «экстрэмісцкай дзейнасці». Сярод атрымальнікаў дапамогі называюцца полк Кастуся Каліноўскага і фонд дапамогі рэпрэсаваным беларусам BYSOL.

Сярод затрыманых па справах паказваюць двух ужо вядомых палітвязняў — Аляксандра Дарагакупца і Міхаіла Фандо. Міхаіл Фандо дае інтэрв'ю проста з калоніі, у выпадку з Дарагакупцам паказваюцца архіўныя кадры затрымання.

Называюць і новае імя — Васіль Арэшка. Хлопец родам з Салігорска. Яго ўзрост у сацсетках не пазначаны, але яму прыкладна 30 гадоў, калі меркаваць па ўзросце яго сяброў «ВКонтакте».

Вядома, што ў Польшчы Арэшка працаваў HR-спецыялістам — шукаў людзей для ўладкавання на працу. Перыядычна ездзіў у Беларусь. Калі ён вярнуўся апошні раз, невядома, але затрыманы ён быў некалькі месяцаў таму.

Цяпер Арэшка ў СІЗА. Характэрна, што яго старонку «ВКонтакте» хтосьці выдаліў, спачатку пераназваўшы ў абразлівае «Ядол***б К***а».

Максім Іскрын / «Зеркало»


Распечатано с портала ZERKALO.IO