У брэсцкай міліцыі расказалі, што дапамагаюць «аказваць спрыянне ў яўцы грамадзян» у «дармаедскія» камісіі. І заявілі, што для некаторых з тых, хто не прыйдзе на такія паседжанні, прадугледжаная адміністрацыйная адказнасць — ад штрафу да арышту.

Кароткая перадгісторыя таго, як міліцыя звязаная з пошукам «дармаедаў»
Нагадаем, сёлета сілавікі пачалі праводзіць рэйды па адрасах людзей, якія лічацца не занятымі ў эканоміцы. У першую чаргу, як заяўлялася, гэта закранае тых, хто вызваліўся з месцаў пазбаўлення волі, хто «раней трапляў у поле зроку міліцыі». У пачатку сакавіка міністр унутраных справаў Іван Кубракоў заявіў, што пасля рэйдаў міліцыі па «дармаедах» у Мінску людзі пачалі часцей звяртацца ў цэнтры занятасці насельніцтва.
«Дармаеды» цяпер аплачваюць поўнымі тарыфамі некаторыя жыллёва-камунальныя паслугі — ацяпленне, гарачую ваду і газ. Кошт першых дзвюх паслуг для «ўтрыманцаў» у 5,5 разу вышэйшы, чым для астатняга насельніцтва.
Пры гэтым чыноўнікі не пакінулі ідэі ўвесці для «дармаедаў» абмежаванні па бясплатнай медыцыне.
Што заявілі ў брэсцкай міліцыі
У аддзеле ўнутраных справаў адміністрацыі Ленінскага раёна Брэста адказалі на пытанне, якія меры ўздзеяння прымаюцца супрацоўнікамі міліцыі да працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы.
Міліцыя спрабуе прыцягнуць да працы тых, хто вядзе асацыяльны лад жыцця і знаходзіцца ў іх на ўліку. А яшчэ — тых, хто раней прыцягваўся па «адміністратыўцы» за правапарушэнні ў стане алкагольнага ап’янення. Таксама пад кантролем міліцыі тыя, хто парушаў грамадскі парадак.
«Так, у межах прафілактычных мерапрыемстваў, а таксама з мэтай уцягвання вышэйзгаданых грамадзян у працоўную дзейнасць супрацоўнікі міліцыі аказваюць спрыянне ў яўцы грамадзян у пастаянна дзейную камісію па каардынацыі работы па спрыянні занятасці насельніцтва (у народзе іх называюць „дармаедскімі“. — Заўв. рэд.)», — паведаміла ўчастковая інспектарка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі АУС адміністрацыі Ленінскага раёна Брэста, лейтэнант міліцыі Паліна Кадэнская.
Паводле яе, «за няяўку на прафілактычнае мерапрыемства, будучы належным чынам апавешчаным, для асобаў, якія знаходзяцца на ўліках у АУС, прадугледжаная адміністрацыйная адказнасць».
Лейтэнант міліцыі спаслалася на артыкул 24.3 КаАП «Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню або патрабаванню службовай асобы дзяржаўнага органа (арганізацыі) падчас выканання ёю службовых паўнамоцтваў асобай, не падпарадкаванай ёй па службе».
Артыкул прадугледжвае некалькі варыянтаў пакарання — штраф ад дзвюх да ста базавых велічынь (ад 84 да 4200 рублёў), або грамадскія працы, або адміністрацыйны арышт.
«У выпадку самастойнага працаўладкавання гэтым грамадзянам неабходна падаць звесткі пра месца працы ўчастковаму інспектару міліцыі з мэтай змяшчэння інфармацыі ў прафілактычную справу», — удакладніла Паліна Кадэнская.
Дарэчы, артыкул 24.3 КаАП выкарыстоўвае не толькі міліцыя, але і мытнікі.
Чытайце таксама