У МНС расказалі, ці бяспечныя з пункту гледжання рызыкі пажараў біякаміны, якія можна ставіць нават у кватэры.

Біякамін — гэта дэкаратыўны камін, які працуе на вадкім паліве біяэтаноле. У адрозненне ад традыцыйных камінаў, ён не патрабуе коміна, бо падчас гарэння вылучаюцца толькі вуглякіслы газ і вадзяная пара, без дыму і сажы. А ў адрозненне ад электрычных, сапраўды стварае полымя, а не імітуе яго.
Як расказалі ў МНС, біякаміны, як і любыя іншыя прылады, што выкарыстоўваюць адкрыты агонь, патрабуюць выканання пэўных мер засцярогі з пункту гледжання пажарнай бяспекі. Трэба ўлічваць некалькі аспектаў.
Біякаміны звычайна вырабляюцца з вогнетрывалых матэрыялаў, што зніжае рызыку ўзгарання. Аднак важна сачыць за тым, каб яны былі ўсталяваныя ў бяспечным месцы, удалечыні ад лёгкаўзгаральных прадметаў.
Біякаміны павінныя выкарыстоўвацца ў добра вентыляваных памяшканнях, каб пазбегнуць назапашвання чаднага газу і іншых шкодных рэчываў.
Біяпаліва, якое выкарыстоўваецца, мусіць быць сертыфікаванае і прызначанае для біякамінаў. Няправільнае паліва можа прывесці да павышанай рызыкі ўзгарання.
Нельга пакідаць біякамін без нагляду, калі ён гарыць. Зрэшты, гэтае правіла датычыць усіх крыніц адкрытага агню.
Трэба заўсёды прытрымлівацца інструкцый вытворцы па ўсталяванні і эксплуатацыі біякаміна.
У цэлым пры выкананні ўсіх мер засцярогі і правільнай эксплуатацыі біякаміны могуць быць бяспечнымі, але важна памятаць пра рызыку, звязаную з адкрытым агнём, папярэджваюць у ведамстве.