Прапагандыст Юрый Васкрасенскі заявіў, што былая палітзняволеная журналістка Ксенія Луцкіна пасля выхаду на волю спрабавала вярнуцца на БТ, але атрымала адмову ад кіраўніка Белтэлерадыёкампаніі Івана Эйсманта. «Наша Ніва» спытала ў Ксеніі, як было на самай справе.

Юрый Васкрасенскі сцвярджае, што пасля выхаду на волю Луцкіна хутка з ім звязалася:
«У полі яе інтарэсаў было працаўладкаванне назад на БТ, на любую пасаду і пазіцыю, асабліва ў сувязі са стартам новага перспектыўнага, паводле яе словаў, праекта — „Першага інфармацыйнага“. Сабраўшы рэшткі эмпатыі, я звярнуўся да кіраўніка Белтэлерадыёкампаніі з просьбай прыняць Ксенію назад, на што атрымаў прынцыповы адказ.
Іван Міхайлавіч [Эйсмант], чалавек не менш эмпатычны, аказаўся больш дальнабачным: <…> „Не возьмем нават прыбіральшчыцай! І калектыў не прыме, і здрадзіць праз месяц!“»
Ксенія расказала «Нашай Ніве», што сустрэча з Васкрасенскім у яе сапраўды была, але ў астатнім ягоная заява — хлусня і яна не бачыць сэнсу гэта каментаваць. Паводле Ксеніі, насамрэч гэта Васкрасенскі прапаноўваў ёй працу на БТ:
«Я не бачу сябе ў сучаснай Белтэлерадыёкампаніі, пра што яму і сказала. Праца на „Першым інфармацыйным“ — гэта смешна. Калі чалавек не знаёмы з Крымінальным кодэксам, хочацца нагадаць яму, што існуе артыкул пра паклёп», — сказала Луцкіна.
Нагадаем, былую журналістку Белтэлерадыёкампаніі Ксенію Луцкіну ў верасні 2022 года асудзілі на восем гадоў калоніі па справе пра «змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады» (арт. 357 КК).
Праваабаронцы прызналі яе палітзняволенай. У СІЗА ў яе пагоршылася здароўе, расла пухліна ў мозгу. Пры гэтым пракурор не знайшоў падставаў для замены ёй абранай меры на мякчэйшую.
У жніўні мінулага года Ксенію памілавалі. Пасля гэтага яна пакінула Беларусь.