Пуцін не будзе прэтэндаваць на Адэсу, калі акупаваныя тэрыторыі, а таксама Херсонская і Запарожская вобласці будуць прызнаныя расійскімі. Пра гэта ішла гаворка на закрытай сустрэчы ў межах з’езда Расійскага саюза прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў (РСПП), піша «КоммерсантЪ».

Паводле інфармацыі спецкара выдання Андрэя Калеснікава, Пуцін у закрытым рэжыме расказаў «90 удзельнікам, якія асабліва адзначыліся падчас адбору», у чым сэнс перамоваў з Трампам менавіта на гэтым этапе.
У прыватнасці Пуцін сцвярджаў, што вайны б не было, калі б Крым адразу прызналі расійскім. Пазней дастаткова было прызнання аўтаномій Луганскай і Данецкай рэспублік. Цяпер — прызнання іх, а таксама Херсонскай і Запарожскай абласцей у складзе Расіі.
«Цяпер, са словаў маіх суразмоўцаў, гаворка на перамовах ідзе пра тое, што дасягнутае ў Расіі не забраць і што варта прызнаць у складзе Расіі Крым, Севастопаль і чатыры вядомыя тэрыторыі: Луганскую, Данецкую Рэспублікі, Херсонскую і Запарожскую вобласці. Калі гэта адбудзецца найбліжэйшым часам, Расія, расказалі мне ўдзельнікі сустрэчы, не стане прэтэндаваць на Адэсу і іншыя тэрыторыі, якія цяпер належаць Украіне», — піша Калеснікаў.
Раней пра тое, што падчас перамоваў з Трампам Пуцін можа запатрабаваць і іншыя ўкраінскія тэрыторыі, уключаючы крытычна важны порт Адэса, пісала выданне The New York Times.